ПАЎПУСТЫ́ННЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы з перавагай ландшафтаў паўпустынь. Займаюць прамежкавае становішча паміж пустыннай зонай і стэпавай зонай (ва ўмераных і субтрапічных паясах), зонай пустынь і саваннавай зонай (у трапічным поясе). Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды, пераважна ў зах. прыакіянскіх і ўнутрымацерыковых сектарах. Клімат сухі кантынентальны, ападкаў 300 мм за год (у 3—6 разоў менш за выпаральнасць). Лета гарачае (сярэдняя т-ра паветра 20—25 °C, у тропіках да 30 °C), зіма ў межах зоны паўпустынь умеранага пояса Паўн. паўшар’я халодная (сярэдняя т-ра студз. да -20 °C), у больш нізкіх шыротах — цёплая (0—10 °C у субтропіках, 12—20 °C у тропіках). Рэкі ў сухую пару года перасыхаюць. Глебы светла-каштанавыя, бурыя, шэра-карычневыя і шэразёмы, чырвона-бурыя, трапляюцца засоленыя глебы, участкі незамацаваных пяскоў. Расліннасць разрэджаная, з перавагай злакава-палыновых асацыяцый (у Еўропе і Азіі) і кусцікавых (на інш. мацерыках). Выкарыстоўваецца як паша, земляробства развіта на арашальных землях.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)